ТАВАРЫ́СТВА З’ЯДНА́НЫХ СЛАВЯ́Н,
тайная рэв. арганізацыя. створаная ў пач. 1823 у г. Наваград-Валынскі на аснове б. Т-ва сяброў прыроды братамі А.І. і П.І.Барысавымі і паліт. ссыльным Ю.К.Люблінскім. Уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, службоўцы, усяго больш за 50 чл. Выступала праціўнікам прыгоннага права, саслоўнага ладу і самадзяржаўя; дамагчыся «дэмакратычнага праўлення» збіралася шляхам узбр. паўстання з удзелам народа. Члены т-ва вялі агітацыю сярод салдат, планавалі ствараць вясковыя вучылішчы, каб уплываць на паліт. актыўнасць сялян. Гал. мэта т-ва — аб’яднанне ўсіх слав. і некат. суседніх народаў (Расія, Польшча, Багемія, Маравія, Венгрыя з Трансільваніяй, Сербія, Малдавія, Валахія, Далмацыя) у адну федэратыўную рэспубліку. У вер. 1825 т-ва па прапанове С.І.Мураўёва-Апостала і М.П.Бястужава-Руміна аб’ядналася з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў на аснове яго праграмы. Не менш чым 12 «славян» запісаліся ў атрад царазабойцаў. 26 членаў т-ва ў 1826 асуджаны Вярх. крымінальным судом па справе дзекабрыстаў.
Літ.:
Нечкина М.В. Общество соединенных славян. М.; Л., 1927;
Яе ж. Движение декабристов. Т. 2. М., 1955;
Швед В.В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў. Мн., 1998.
В.В.Швед.
т. 15, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)